Четверг, 24 Ноябрь 2016 11:39

«Галерэя творцаў»: Полацкі каледж ВДУ імя П.М.Машэрава

Полацкі сшытак

Сёння мы працягваем публікаваць матэрыялы ў рубрыцы “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, прысвечанай пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў “АРТ-вакацыі”, у рамках сумеснага творчага праекта Нацыянальнага цэнтра мастацкай творчасці дзяцей і моладзі і “Настаўніцкай газеты”. І гэтым разам у цэнтры нашай увагі будзе Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава, а дакладней, аркестр “Рэнесанс” (кіраўнік Віктар Мікалаевіч Ушак) і народны вакальны калектыў “Вясна” (кіраўнік Таццяна Ігараўна Шыбуняева).

Так ужо атрымалася з-за розных неадкладных журналісцкіх спраў, што паміж маёй камандзіроўкай у Полацк і момантам напісання гэтых нататак мінула дастаткова шмат часу. І, шчыра кажучы, за гэты час многае з той камандзіроўкі крыху прызабылася, затуманілася, замглілася. Я мусіў як бы даставаць са сваёй памяці тыя свае полацкія эмоцыі, узнаўляць твары і словы людзей, з якімі там сустрэўся, успамінаць канкрэтныя думкі і высновы, якія нараджаліся непасрэдна там, на месцы. І асацыяцыя нарадзілася сама сабой: тая мая камандзіроўка ў найстаражытнейшы горад нашай краіны, калыску нашай культуры і адукацыі, стала для мяне як бы маім адмысловым “Полацкім сшыткам”, як прынята называць знакаміты нотны рукапіс старадаўняй беларускай барочнай музыкі, які аднойчы адшукаў прафесар Адам Мальдзіс. Іншай альтэрнатывы для назвы гэтай публікацыі для мяне не было.

Але ж, дзякуй богу, ёсць яшчэ фотаапарат і дыктафон. Яны зрабілі сваю добрую справу — захавалі мой “Полацкі сшытак” некранутым часам… Пагартаем яго.

“Рэнесанс”

Кіраўніка аркестра “Рэнесанс” Віктара Мікалаевіча Ушака я застаў якраз на рэпетыцыі аркестра. Папрасіўшы пакіраваць аркестрам, пакуль ён бу­дзе гаварыць з карэспандэнтам, саліста Аляксея Васільевіча Зелянко, Віктар Мікалаевіч праводзіць у свой асобны пакойчык, і ўжо на парозе я нема застываю… Уся сцяна ў яго пакоі літаральна перасыпана нейкімі надпісамі, зробленымі фламастарамі, прышпіленымі паперкамі, зноў-такі, з надпісамі. Як высвятляецца, так распісалі пакой кіраўніка аркестра выпускнікі каледжа, і гэта тут ужо традыцыя: заканчваючы вучобу ў каледжы і ў аркестры, навучэнцы Полацкага каледжа пакіда­юць на памяць пажаданні ці проста нейкія патаемныя думкі. Віктар Мікалаевіч з жартам называе гэтую сцяну сцяной радасці ў адрозненне ад вядомай Сцяны Плачу. А я ўчытваюся ў некаторыя з гэтых насценных запісаў: “Шчаслівым можаш стаць толькі тады, калі зробіш шчаслівым іншага”; “Дабрыня — гэта мова, якую бачаць сляпыя і чуюць глухія”; “Усміхніся жыццю, і яно абавязкова ўсміхнецца табе ў адказ”; “Даруйце мне, хуліганцы! Мы любім вас!”; “Чым больш у душы сонца, тым цяплейшае і ярчэйшае жыццё”…

Паступова я пачынаю разумець, што трапіў не проста ў аркестр, не проста ў самадзейны творчы калектыў, а ў сапраўдную сям’ю, пад дахам якой навучэнцы Полацкага каледжа могуць знайсці не толькі музыку, але і чыста чалавечае цяпло і падтрымку, хаця, напэўна, музыка тут часта і становіцца такім цяплом і падтрымкай.

Зрэшты, паслухаем самога Віктара Мікалаевіча Ушака.

“Аснова нашага калектыву — гэта ідэалогія. Гэта значыць, што мы сабраліся тут па жаданні. Гэта неабавязковыя заняткі. Дзецям проста падабаецца калектыўнае музіцыраванне. І не толькі дзецям. Напрыклад, намеснік дырэктара каледжа па выхаваўчай рабоце Ірына Леанідаўна Колач іграе на сінтэзатары… Гэта, я думаю, пра многае гаворыць, калі ў аркестры прымаюць удзел і прадстаўнікі адміністрацыі. Тут жа адбываецца і як бы прапаганда гэтага калектыўнага музіцыравання, бо ў сённяшніх навучэнцаў, удзельнікаў аркестра, абавязкова застанецца ў душы прыемны ўспамін ад таго, што яны тут рабілі. І пасля заканчэння каледжа яны прыйдуць на свае працоўныя месцы ўжо ў якасці настаўнікаў і створаць там свае маленькія калектывы. Такім чынам, аркестр — гэта творчасць, якая не толькі аб’ядноўвае навучэнцаў, але і пашырае іх уяўленні пра будучую прафесійную дзейнасць”.

“Сёння маладыя людзі адарваны ад жывой музыкі, і гэта вельмі дрэнна. А ў нас тут усё жывое. Кожны з іх думае: “Я сам вымаю гук!” А калі ўсе разам вымаюць гукі, то і атрымліваецца ў канчатковым выніку тое, чым усе захапляюцца”.

“Для мяне асабіста аркестр — гэта свайго кшталту аддушына, калі не сказаць крык душы. Мы папулярызуем класічную музыку ў арыгінальных аранжыроўках. Я пішу аранжыроўкі пад канкрэтны склад. На сённяшні дзень у нас ёсць скрыпачы, балалаечнікі, цымбалісты, акардэаністы, баяністы, гітарысты… Дзякуй богу, да нас прыходзяць дзеці, якія да паступлення ў каледж ігралі на розных інструментах. І вось калі пішаш аранжыроўку для жывой музыкі, нават класіка па-іншаму гучыць. Калі непрафесіяналы іграюць і гэта чапляе за душу… Ну, гэта тое, дзеля чаго я тут і працую”.

Удзельніца аркестра “Рэнесанс” Юля Скамарошчанка (3 курс, спецыяльнасць “Замежная мова”): “Калі я паступала ў Полацкі каледж, я нават не ведала, што тут ёсць аркестр. А я ж сама калісьці іграла ў аркестры ў дзіцячай музычнай школе. І была вельмі прыемна здзіўлена, што змагу тут працягваць займацца сваёй любімай справай”.  

Удзельніца аркестра “Рэнесанс” Дзіяна Вайцяховіч (4 курс, спецыяльнасць “Пачатковая адукацыя”): “Калі я прыходжу ў аркестр, то адпачываю душой, мне тут заўсёды лёгка і спакойна, кудысьці знікаюць усе праблемы і ты думаеш толькі пра добрае, прыемнае. Я думаю, не апошнюю ролю ва ўсім гэтым адыгрывае наш кіраўнік Віктар Мікалаевіч Ушак. Ён вельмі добры, вельмі чулы чалавек. Мне здаецца, што нават калі ў яго здараюцца нейкія асабістыя непрыемнасці, ён заўсёды пакідае іх за парогам нашай рэпетыцыйнай аўдыторыі. А сюды прыходзіць толькі з дабрынёй і цяплом. Гэта перадаецца… Ты сам тады імкнешся да святла”.

“Мы існуём 5 гадоў, удзельнічаем у розных конкурсах, фестывалях, форумах і г.д. І штогод у нас павялічваецца колькасць удзельнікаў, пашыраецца тэмбральны спектр, словам, пакуль мы развіваемся… Рухаемся ўверх, а не ўніз”.

“Ёсць у аркестры і такія дзеці, якія да гэтага наогул не бралі інструмент у рукі або пахадзілі некалі год-два ў музычную школу і кінулі… І гэта надзвычай важна, што ў іх зноў прачынаецца цяга да творчасці. А што такое творчасць наогул? Гэта тая крыніца, якая дасць потым вынік у прафесіі”.

“Вельмі важнае значэнне, асабліва ў пачатку навучальнага года, калі ў аркестр прыходзяць новыя людзі, маюць індывідуальныя заняткі. Я прапісваю партыі, зыходзячы з падрыхтаванасці таго ці іншага навучэнца. Калі, напрыклад, ён умее толькі два разы стукаць, я пішу для яго партыю на два з паловай разы. І вось так з кожным удзельнікам аркестра…”

“У свой час я працаваў 16 гадоў дырэктарам Асвейскай дзіцячай музычнай школы Верхнядзвінскага раёна, у гады перабудовы гэта была адна з лепшых дзіцячых музычных школ у Савецкім Саюзе. І вось тады ў мяне сфарміравалася крэда адукацыйнага працэсу, якое заключаецца ў натуральнасці. Калі ўсё ў прыродзе і ў жыцці натуральнае, тады яно можа развівацца. Таму ўвесь працэс у аркестры адбываецца па такім шляху, калі ніхто нікога не прымушае, а ўсё робіцца ад душы, усё ідзе менавіта ад гэтага натуральнага жадання развівацца. І, дарэчы, тады гэты працэс здольны пускаць карані і даваць вынік. Такім чынам, галоўнае — гэта натуральны працэс ва ўсім: у музіцыраванні, аранжыроўках, у арганізацыі рэпетыцый, у арганізацыі паездак, калі дзіця адчувае сябе не асобнай часткай нечага, а самім гэтым нечым, калі яно ведае, што без яго ніяк… Натуральны працэс у карнегіеўскім значэнні”.

“Я ўпэўнены, што ўсё, вышэйшае за пэўны сярэдні ўзровень, магчыма  толькі ў тым выпадку, калі падключаецца нейкі боскі энергетычны пасыл. Гэты пасыл не купіш ні за якія грошы”.

“З пункту погляду нашага сённяшняга рацыянальнага свету, аркестр некан’юнктурны. Ён затратны. Неабходна прыкладаць вельмі шмат намаганняў для яго арганізацыі і падтрымкі. Па вялікім рахунку, можна нават сказаць, што ён не ўпісваецца ў сучаснае жыццё. Ён як бы несучасны. Але тым ён у нашай супярэчлівай сучаснасці і каштоўны…”

“Вясна”

Народны вакальны калектыў “Вясна” — гэта адначасова і жамчужынка, і легенда Полацкага каледжа ВДУ імя П.М.Машэрава. Калектыў існуе ажно з 1978 года, калі яго заснаваў вядомы педагог і музыкант Уладзімір Аляксеевіч Масленікаў, які нязменна кіраваў ім некалькі дзесяцігоддзяў. За гэты час “Вясна” абрасла традыцыямі, рэгаліямі… людзьмі. Гэта, уласна кажучы, і ёсць сама гісторыя, звернутая ў сучаснасць.

З 2009 года калектывам кіруе Таццяна Ігараўна Шыбуняева, якая імкнецца адначасова працягваць яго багатыя традыцыі і шукаць новыя кірункі дзейнасці, у першую чаргу па прапагандзе традыцыйнай культуры і развіцці рэгіянальнага фальклору.

Шчыра кажучы, я быў проста агаломшаны, калі спецыяльна для мяне ўдзельнікі “Вясны” акапэльна праспявалі народную песню “Галкі”, ды так, што я яшчэ доўга не мог адысці ад эмацыянальнага ўзрушэння, ад радасці за гэтых юных людзей і іх кіраўніка, якія так могуць, якія так любяць тое, чым займаюцца, а гэта было відавочна.

Полацкі каледж Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава

Полацкі каледж ВДУ — адна са старэйшых устаноў адукацыі ў нашай краіне. Ён пачаў сваю дзейнасць у далёкім 1872 годзе як Полацкая настаўніцкая семінарыя, якая рыхтавала настаўнікаў для сельскіх школ. Ужо ў 1875 годзе адбыўся першы выпуск настаўнікаў.

За 140 гадоў сваёй гісторыі гэтая ўстанова адукацыі існавала і як трохгадовыя педагагічныя курсы, і як педагагічны тэхнікум, і як педагагічнае вучылішча, і як педагагічны каледж. Але як бы яна ні называлася, яе прызначэнне заўсёды было адным — рыхтаваць кваліфікаваных спецыялістаў у сферы адукацыі і культуры. І калі на досвітку сваёй гісторыі яна была скіравана на падрыхтоўку толькі настаўнікаў пачатковых класаў, то ўжо ў 1930 годзе ў вучылішчы было адкрыта дашкольнае аддзяленне, а ў 1976 годзе — музычнае. Руплівая праца выкладчыкаў розных пакаленняў стварыла імідж гэтай установы адукацыі як адной з лепшых у краіне, якія рыхтуюць педагагічныя кадры.

З 2005 года і па сённяшні дзень Полацкі каледж з’яўляецца структурным падраздзяленнем Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Сёлета ажыццёўлены набор на ўсе спецыяльнасці: “Пачатковая адукацыя”, “Дашкольная адукацыя”, “Музычная адукацыя”, “Замежная мова”, “Турызм і гасціннасць”.

 

Паслухаем Таццяну Ігараўну Шыбуняеву.

“Я кірую яшчэ народным ансамблем народнай песні і музыкі “Радзімічы” пры Полацкім гарадскім палацы культуры. Але там — дарослыя людзі, а тут — фактычна яшчэ дзеці. І таму, безумоўна, тут свая спецыфіка, я лічу іх за сваіх дзяцей, і іншы раз нават не пра песню ідзе гаворка на ўроку, асабліва на 1 курсе. Напачатку іх трэба неяк проста ўвесці ў гэтае рэчышча, у вучэбны рэжым каледжа і г.д. А потым ужо я пачынаю ім тлумачыць, што эстрада, сучасная харэаграфія — гэта, канечне, добра, прэстыжна, рэспектабельна. Але ёсць нашы карані, якія мы ў любым выпадку павінны ве­даць, да якіх мы павінны паспрабаваць дакрануцца”.

“Я не кіруюся жорсткім адборам, маўляў, бяру ў калектыў дзяцей толькі з нейкімі выключнымі вакальнымі данымі, з музычнай адукацыяй і г.д. У мяне ў калектыве ёсць навучэнцы наогул без музычнай адукацыі, і тым не менш мы вучымся… Яны пераймаюць мяне, а я ўсё-такі вучылася ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў у выдатнага, лічу, педагога Уладзіміра Зіневіча, кіраўніка гурта “Грамніцы”. Мы шмат слухаем аўтэнтыкі — гэта, можна сказаць, нават наша фішка. Цяпер вось мы наладзілі цесныя кантакты з гуртом “Галасы спадчыны” з вёскі Багатырскае, што пад Полацкам. А там, у гэтым калектыве, дзякуючы яго заснавальніцы Веры Уладзіміраўне Пісюковай, назбіраны проста неверагодна каштоўны эксклюзіўны матэрыял. Вера Пісюкова сама была і збіральніцай, і носьбіткай аўтэнтычнага фальклору. На жаль, яна не так даўно памерла. Але мы ўсё ж збіраемся пэўным чынам асвоіць матэрыял, які ёсць у “Галасоў спадчыны” (цяпер гэтым калектывам кіруе Таццяна Сцяпанаўна Стараннік), можа быць, нейкім чынам яго апрацаваць і ўключыць у сваю праграму. Мы ж у сваю чаргу таксама можам прапанаваць нашым калегам цікавы матэрыял. Разам з навучэнцамі мы ез­дзілі ў Блізніцу, вёску за кіламетраў 30 ад Полацка, збіралі там, запісвалі… Хаця трэба ўсё-такі разумець, што не заўсёды ёсць месца і час для аўтэнтыкі. У асноўным на розных масавых гарадскіх мерапрыемствах патрабуюць відовішчныя нумары”.

“Яшчэ ў маіх творчых планах — узяц­ь пад апеку зусім маленькіх дзетак, магчыма, з якога-небудзь этнакласа ці нават з якога-небудзь дзіцячага садка, і паспрабаваць зрабіць рэканструкцыю абраду. Навучэнцам каледжа з аддзяленняў “Дашкольная адукацыя” і “Пачатковая адукацыя” ўсё роўна ж прыйдзецца некалі працаваць з маленькімі дзеткамі, а тут у іх абавязковая практыка”.

“Поспеху можна дасягнуць толькі бясконца працуючы. Мы працуем над якасцю гуку, над сцэнічнай культурай. Актыўна ўдзельнічаем у культурным жыцці горада, раёна, вобласці. І кожнае выступленне, можа быць, нават самае нязначнае, дае навучэнцу вопыт”.

Удзельніца народнага вакальнага калектыву “Вясна” Віталія Ступакова (4 курс, спецыяльнасць “Замежная мова”): “Мы вельмі любім спяваць народныя песні — я гэта кажу абсалютна шчыра. Нядаўна мы ездзілі ў вёску Багатырскае ў госці да народнага гурта “Галасы спадчыны”, які спявае паводле полацкага канона. Яны нам паказалі, што робяць яны, мы, у сваю чаргу, паказалі ім, чым мы займаемся. Безумоўна, мы запрасілі іх прыехаць да нас у каледж з візітам у адказ. Нам было вельмі прыемна, што там мы сустрэлі аднадумцаў, што не толькі мы тут, у каледжы, любім і шануем сваё…”  

Удзельнік народнага вакальнага калектыву “Вясна” Уладзіслаў Быцко (4 курс, спецыяльнасць “Замежная мова”): “Безумоўна, хоць мы і спяваем тут, у калектыве “Вясна”, народныя песні, мы не цураемся і сучасных дыскатэк, электроннай музыкі і г.д. Але справа ў тым, што ўсё гэта знайсці вельмі лёгка. А вось тое, чым мы займаемся ў “Вясне”, унікальнае. Яно не дае нам забыць нашу мову, нашу культуру. Гэта дае нам адчуванне прыналежнасці менавіта да беларускага народа”.

Удзельніца народнага вакальнага калектыву “Вясна” Алеся Жаўнова (2 курс, спецыяльнасць “Замежная мова”): “Вялікі дзякуй нашаму кіраўніку Таццяне Ігараўне Шыбуняевай за тое, што яна нас з’яднала ў такую вялікую народную вакальную сям’ю. А сама яна для нас у гэтай сям’і, натуральна, мама, якая прымае ўсіх нас такімі, якія мы ёсць”. 

“Безумоўна, мы вельмі ганарымся нашым выхаванцам Русланам Скрыпко, які так бліскуча выступіў на “АРТ-вакацыях”. (Нагадаем, што Руслан Скрыпко, яшчэ будучы навучэнцам Полацкага каледжа ВДУ, проста ашаламіў публіку на фестывалі “АРТ-вакацыі” ў 2015 годзе, калі ў аўтэнтычнай манеры праспяваў песню, запісаную ад роднай бабулі. Летась ён скончыў каледж і цяпер з’яўляецца студэнтам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. — М.Ч.) Гэта самародак. Сярод хлопцаў такога ўзросту вельмі цяжка знайсці такіх, хто б не пабаяўся выйсці на вялікую сцэну ў амплуа фальклорнага спевака. Трэба ж разумець, што яго ўспрымае не толькі журы, але і моладзь, якая сядзіць у зале. Спачатку зала проста не разумее, што адбываецца: выходзіць на сцэну іх равеснік у народным строі і пачынае адзін акапэльна спяваць… А потым залу як быццам прыбівае. Тады разумееш, што яшчэ не ўсё страчана, што нашу моладзь можна прабіць і сваім — народным, родным. Што сённяшнія маладыя людзі падсвядома таксама разумеюць: без ведання сваіх каранёў, наогул без каранёў у нас не будзе будучыні”.

* * *

“Рэнесанс” і “Вясна”… Віктар Мікалаевіч Ушак і Таццяна Ігараўна Шыбуняева… Кожны са сваёй спецыфікай, але і адзін, і другая фактычна займаюцца адной справай ачалавечвання, адухаўлення нашых дзяцей.

І мне бачыцца нейкі сімвалізм у тым, што сёння ў нашай “Галерэі творцаў” сустрэліся калектывы з такімі назвамі. Бо, калі ўдумацца, рэнесанс і вясна — гэта сінонімы.

Мікола ЧЭМЕР.

Фота аўтара і з архіва Полацкага каледжа Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава.

Источник: Настаўніцкая газета

Прочитано 1412 раз

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены