Понедельник, 10 Апрель 2017 11:56

«Галерэя творцаў»: Навагрудак

Навагрудак: з шэптам да гісторыі, з годнасцю да сучаснасці

Рубрыка “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў” ўжо на працягу двух гадоў прадстаўляе партрэты лепшых педагогаў-кіраўнікоў творчых калектываў-пераможцаў рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай і студэнцкай мола­дзі “АРТ-вакацыі-2015”.

Яна падарыла нам шмат сустрэч з цікавымі ўстановамі прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, з унікальнымі творчымі людзьмі, якія там працуюць і ўвесь свой талент, усю сваю неўтаймоўную энергію аддаюць навучэнцам, якія са сцэны прымушаюць нас плакаць і смяяцца, забывацца і захапляцца, узрушвацца і супакойвацца.

Яны, гэтыя навучэнцы, будуць буда­ваць і вадзіць МАЗы, пракладваць дарогі і апрацоўваць палі, рамантаваць масты, тыя, хто будзе працаваць на прадпрыем­ствах і ў сельскай гаспадарцы, чые працавітыя рукі будуць ствараць наш з вамі дабрабыт і дастойнае жыццё ў будучыні.

Але яны ў той жа час спяваюць, тан­цуюць, дэкламуюць, малююць, вышы­ваюць. Для іх гэта, магчыма, нейкая іншая, нават крыху незразумелая планета. Але яны ўсім сэрцам любяць гэтую планету творчасці, аддаюцца ёй цалкам. І, можа быць, калдуны не былі б такімі смачнымі ў рэстаране, калі б кухар, які іх гатаваў, не любіў музыку і мастацтва.

Яны — гэта, можа быць, самы празрысты, самы чысты, пазбаўлены ўсялякіх прымесей зайздрасці і падазронасці, акіян талентаў. І з гэтымі талентамі, як з алмазамі, філігранна працуюць галоўныя героі нашай рубрыкі — кіраўнікі творчых суполак навучэнцаў. Многія працуюць дзесяцігоддзямі, стаўшы ўжо брэндамі сваіх устаноў адукацыі. Яны нават самі не ведаюць, што яны брэнды, але гэта сапраўды так.

Сёння ёсць сэнс азірнуцца, узгадаць тыя гарады, дзе за два гады мы пабывалі з нашай рубрыкай “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”. У храналагічнай паслядоўнасці гэта выглядае так: Пінск, Нясвіж, Мінск, Магілёў, Ваўкавыск, Гомель, Гродна, Баранавічы, Ліда, Салігорск, Віцебск, Мінск, Жлобін, Гомель, Мазыр, Паставы, Мсціслаў, Навагрудак…

Ці трэба гаварыць пра тое, што ў кожным з гэтых гарадоў (Мінск не бяром) прафесійны каледж ці прафесійны ліцэй з’яўляецца гэтакім цэнтрам культуры, жывой крыніцай духоўнасці, шляхетнасці, ментальнай і духоўнай вытанчанасці, калі хочаце, наогул беларускага менталітэту? Мы часта называем глыбінку глыбінкай, але менавіта ў глыбінцы — праехаўшы паў-Беларусі, я ў гэтым перакананы на ўсе 100 працэнтаў — нашы духоўныя карані, наша духоўная глыбіня і наша духоўнае адраджэнне.

Навучэнцы, якія займаюцца ў тамтэйшых установах адукацыі, нарадзіліся побач са старажытнымі замкамі і цэрквамі. Яны нават самі не ведаюць, што, нарадзіўшыся, паядналіся з вялікай гісторыяй, а гісторыя не адпусціла іх.

А Навагрудак, які стаў сёння эпіцэнтрам інфармацыі ў серыі нашых нататак “АРТ-вакацыі: галерэя творцаў”, — гэта наша колішняя сталіца, першая сталіца Вялікага Кня­ства Літоўскага. Навагрудак — гэта наш Міндоўг. Навагрудак — гэта наш Міцкевіч. Навагрудак — гэта наша гісторыя.

На навагрудскім гербе мы бачым у чыр­воным полі воіна. Ён увесь у чорным — не падыдзі. Але на самай справе ён наш, беларускі: у правай руцэ трымае меч, а ў левай — вагі. Трэба абараняцца і трэба ўзважваць. І з яго рэбраў вырастаюць крылы — крылы ахоўніка Беларусі.

Ёсць беларускія гарады, як магніты. Яны прыцягваюць, не адпускаюць. Я, пабыўшы ў Навагрудку толькі паўдня, ведаю дакладна, што туды вярнуся. Цікавая дэталь: мае суразмоўцы — кіраўнік ансамбля народна-сцэнічнага танца “Тандэм” Навагрудскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага кале­джа Таццяна Мікалаеўна Радзько і кіраўнік танцавальнага калектыву “Сучаснасць” Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага кале­джа Галіна Аляксееўна Апалонік — не навагрудчане ад нараджэння. Яны прыехалі ў гэты горад ужо сталымі жанчынамі. Але Навагрудак іх не адпусціў, Навагрудак стаў для іх родным…

Мы яшчэ паслухаем гэтых нашых гераінь.

А пакуль дадзім слова прадстаўнікам тых устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі Навагрудка, у тым ліку іх адміністрацыі, якія па праве лічацца не толькі адукацыйнымі, але і культурнымі цэнтрамі гэтага старажытнага горада Гарадзеншчыны.

У полі нашага зроку — Навагруд­скі дзяржаўны аграрны каледж, Навагрудскі дзяржаўны гандлёва-эканамічны каледж і Навагрудскі дзяржаўны сельскагаспадарчы ліцэй.

Дырэктар Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Андрэй Пятровіч Сусла: “Працаваць на зямлі ў нашай краіне заўсёды лічылася ганаровай справай. І невыпадкова спецыялісты аграрнага профілю запатрабаваны сёння на рынку працы. За гады свайго існавання наш каледж падрыхтаваў каля 17 000 спецыялістаў. Сярод іх — аграномы, эканамісты, тэхнікі-будаўнікі.

Дастаткова прагартаць дакументы архіва, зірнуць на доўгія спісы выпускнікоў каледжа, каб пераканацца ў тым, як выкладчыкі каледжа ў найцяжэйшых умовах змаглі захапіць вучняў, абудзіць у іх цікавасць да ведаў, выхаваць працавітых, маральна чыстых людзей!

Сучасны каледж — гэта дом, які пабудавалі ўсе мы: выкладчыкі, супрацоўнікі каледжа, навучэнцы, бацькі, выпускнікі. Гэты дом склаўся, як па цаглінцы, з нашых спраў, нашых якасцей, талентаў і старання. Кожны ўнёс нешта сваё. А вынікі радуюць.

Нашы галоўныя крытэрыі: павага падчас абмеркавання, давер пры рэалізацыі спраў у зоне сваёй адказнасці. На пытанне “Што нам рабіць у перыяд нестабільнасці, у эпоху перамен?” адказ заўсёды быў такі: “Добра рабіць сваю справу!” Мы разумеем, што пры ўменні спалучаць свой прафесіяналізм і жаданне ствараць нам па сілах любая праблема. Гэта важна ў імя будучыні. Наша адзін­ства і разуменне заснавана перш за ўсё на гістарычных традыцыях. Для нас гісторыя каледжа — жывая памяць людзей, пачашчанае сэрцабіццё ад радасці сустрэч і горычы страт, гэта людскія лёсы нашых выкладчыкаў і навучэнцаў.

А яшчэ мне хочацца падкрэсліць, што нашы навучэнцы — гэта вельмі творчыя людзі, пра што сведчаць паспяховыя вынікі іх выступленняў на Рэспубліканскім конкурсе мастацкай самадзейнасці “АРТ-вакацыі” і іншых творчых спаборніцтвах.

Я веру, што ў каледжа не толькі слаўнае мінулае, добрая сучаснасць, але і цудоўная будучыня! Мы з аптымізмам глядзім у наш заўтрашні дзень. Мы ведаем, што нашы задумы ажыццявяцца, надзеі не згаснуць, мары спраўдзяцца”.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Навагрудскага дзяржаўнага ганд­лёва-эканамічнага каледжа Наталля Іванаўна Чарняўская: “У гімне нашага каледжа ёсць такія словы: “Не будзем спрачацца: у нашым свеце патрэбны бухгалтары, банкіры. Рыхтуе каледж іх не першы год”. На працягу амаль 70 гадоў мы фарміруем з учарашніх школьнікаў не проста прафесіяналаў, а сталых, канструктыўна думаючых маладых людзей з актыўнай жыццёвай пазіцыяй, творчых і крэатыўных.

Важна, каб навучэнцы паверылі ў сябе, змаглі раскрыцца, навучыцца гарманічна жыць.

Важна, каб навучэнцы адчувалі ра­дасць ад творчасці, каб спяшаліся на рэпетыцыі, бо ў ходзе рэпетыцый і выступленняў кіраўнікі гурткоў — педагогі дадатковай адукацыі — і навучэнцы збліжаюцца. Фарміруецца каманда аднадумцаў. Ствараецца сітуацыя поспеху. А гэта шлях да самарэалізацыі, да перамог.

На працягу многіх гадоў гурткі і аб’яднанні па інтарэсах, спартыўныя секцыі (22) збіраюць у свае шэрагі аднадумцаў. І ў нас ёсць вынікі. Творчы калектыў каледжа займаў прызавыя месцы на рэспубліканскім аглядзе тэхнічнай і дэкаратыўна-прыкладной творчасці за распрацоўку і выраб дэкаратыўных пано, фларыстычных кампазіцый (гурткі “Чароўная саломка” і “Умелыя рукі”).

У 2013 годзе ў ходзе абласнога агляду-конкурсу “АРТ-вакацыі” каледж атрымаў дыплом за перамогу ў намінацыі “За раскрыццё пазітыўнага вобраза будучай прафесіі сродкамі культурна-адпачынкавай дзейнасці”. Пераможцамі і прызёрамі сталі хор “Землякі” і танцавальная група.

У 2015 годзе творчыя калектывы нашага каледжа былі ўзнагароджаны на рэспубліканскім фестывалі “АРТ-вакацыі” за перамогу ў намінацыі “За раскрыццё духоўна-маральнага патэнцыялу сучаснай моладзі”. Самыя творчыя і таленавітыя сталі прызёрамі ў намінацыях “Тэатральны жанр. Тэатральны калектыў”, “Вакальна-харавы жанр. Трыа”, “Тэатральны жанр. Канферанс”, “Ансамбль народна-сцэнічнага танца”, а таксама за дасягненні ў рэспубліканскім інтэрактыўным праекте “Рэцытацыя”.

Я вельмі ганаруся нашымі дзецьмі і тымі людзьмі, якія іх выхоўваюць”.

Педагог-арганізатар Навагрудскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя Юрый Мар’янавіч Грыневіч: “Адным з асноўных напрамкаў выхаваўчай работы ў Навагрудскім сельскагаспадарчым ліцэі з’яўляецца мастацкая дзейнасць. На сённяшні дзень творчае жыццё ўстановы адукацыі ажыццяўляецца ў трох аб’яднаннях па інтарэсах сцэнічнага профілю.

У рамках аб’яднання “Сольны спеў” плённа займаецца з навучэнцамі педагог дадатковай адукацыі Ганна Ніканораўна Андрушкевіч. Харэаграфічны кірунак у ліцэі курыруе педагог дадатковай адукацыі Таццяна Аляксееўна Кавалько. Ужо некалькі гадоў пад яе кіраўніцтвам працуюць танцавальныя калектывы, у якіх вучні засвойваюць самыя розныя харэаграфічныя стылі.

У перспектыве ліцэя — стварэнне творчага аб’яднання “Тэатр песні і танца”, у рамках якога можна было б рэалізоўваць самыя смелыя мастацкія задумы.

Ужо 6 гадоў у нашым ліцэі развіваецца КВЗ-рух. Каманды розных гадоў у свой час станавіліся пераможцамі і прызёрамі гарадскіх і рэгіянальных КВЗ-турніраў.

У рамках творчага жыцця ліцэя ла­дзяцца самыя розныя сцэнічныя праграмы: “Алё, мы шукаем таленты”, “Дзень хлебароба”, “Дзень студэнта”, “Міс ліцэя” і г.д. Творчая каманда ліцэйскай моладзі право­дзіць і актыўную канцэртную дзейнасць, выступаючы ў самых розных месцах. Галоўным сцэнічным форумам кожнага двухгоддзя для ўсёй вучнёўскай моладзі традыцыйна з’яўляецца агляд-конкурс “АРТ-вакацыі”. Наш ліцэй можа ганарыцца паспяховымі выступленнямі на абласным і рэспубліканскім узроўнях.

А самым галоўным нашым дасягненнем мы лічым тое, што ўдзел у творчым жыцці дапамагае моладзі смела рэалізоўваць свой патэнцыял і з аптымізмам рухацца наперад”.

Можна толькі парадавацца за гэтых людзей, якія курыруюць мастацкую творчасць навучэнцаў у Навагрудку. А на асобных плашках, якія размешчаны побач, вы зможаце даведацца больш падрабязна аб філасофіі сістэмы выхавання і адукацыі канкрэтных кіраўнікоў творчых калектываў навагрудскіх калектываў навучэнцаў.

Кіраўнік ансамбля народна-сцэнічнага танца “Тандэм” Навагрудскага дзяржаўнага гандлёва-эканамічнага каледжа Таццяна Мікалаеўна РАДЗЬКО:

* Маё дзяцінства і юнацтва прайшлі на Гомельшчыне, у гарадскім пасёлку Лельчыцы. У Навагрудку апынулася па размеркаванні пасля заканчэння Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка (факультэт народнай культуры).

* Навагрудак вельмі зычліва мяне прыняў. Я адчуваю тут сваю запатрабаванасць. На 30 тысяч насельніцтва Навагрудка тут працуюць толькі 5 дзеючых харэографаў, у тым ліку і я (не бяру ў разлік харэографаў з дзіцячых садкоў).

* Навагрудская культура — гэта асобная культура, Навагрудак — гэта асобная дзяржава ў дзяржаве. Тут свае законы — маральныя, ментальныя, псіхалагічныя. У 2009 годзе, калі я толькі выйшла замуж, у мяне была магчымасць жыць у Мінску, працаваць у Мінску. Але Навагрудак узяў сваё. Не адпусціў. Я ўжо бачыла аўтэнтычную навагрудскую польку, і ў нашых планах — паставіць яе на сцэне. Але мне, ура­джэнцы Гомельшчыны, самой яшчэ цяжкавата ўвайсці ў навагрудскую культуру.

* “Тандэм” — невыпадковая назва нашага калектыву. Спачатку мы называліся “Стэп ап”, ці Step up, што з англійскай перакладаецца як “крок наперад”. Назва была сама па сабе нядрэнная, але ў ёй бракавала сэнсу. Усе ж мы крочым наперад. І ўрэшце мы з дзецьмі прыйшлі да назвы “Тандэм”, якая мае на ўвазе цеснае супрацоўніцтва, работу ў пары і ў калектыве, адчуванне пляча калегі.

* З падлеткамі я працую ў сутворчасці. Я ніколі на іх не цісну. Наадварот, радуюся, калі яны самі прыносяць мне музыку, самі паказваюць нейкія рухі.

* Мяне не палохае тая разнастайнасць, у якой мы танцуем. Наадварот, я магу пахваліцца, што мы танцуем і ў народна-сцэнічным жанры, і эстрадны танец, і хіп-хоп, і чырлідынг, і класіку. Класіку, праўда, менш — у нас прысутнічаюць толькі элементы класічнага танца.

* На сёлетніх “АРТ-вакацыях” мы вырашылі рызыкнуць: сярод іншага паказалі танец “Дарогай кветак” з прысмакам малайзій­скай культуры: з веерамі, з яркімі касцюмамі, з адпаведнымі ўсхо­днімі рухамі. Дзецям гэта падабаецца, і я іду ім насустрач.

* У чым бачу сваю задачу як кіраўнік калектыву? Першае — развіццё харэаграфічных здольнасцей навучэнцаў. Другое — выхаванне творчых людзей. Трэцяе — развіццё пазнавальнай цікавасці да харэаграфічнага мастацтва. А яшчэ — гэта, можа быць, нават звышзадача — я імкнуся да таго, каб яны адчувалі сябе адзі­ным калектывам, адной камандай, каб яны адказвалі адно за аднаго. Гэта, мабыць, самае складанае ў маёй практыцы.

* Я трэнер, які разам з камандай, а не дырыжыруе на беражку поля. Я сама танцую. Я з навучэнцамі ў дзеянні на сцэне. Але нейкім такім глабальным кіраўніком я сябе не лічу. Супрацоўніцтва з навучэнцамі, сутворчасць з імі — вось што галоўнае. Таму мы і называемся “Тандэм”. Многія хлопцы і дзяўчаты ў маім калектыве да гэтага наогул ніколі не танцавалі. Навучыць іх аднолькавым рухам нагамі, рукамі вельмі складана. Вось тут і ўключаецца наша філасофія тандэма.

* Жыццё наша паласатае. Адзін нумар атрымаўся, другі — не. А бывае так, што над адным нумарам працуеш з асаблівай стараннасцю, а над іншым — як будзе, так і будзе. Парадокс у тым, што пасля выступлення дзеткі прыбя­гаюць да мяне і пытаюцца менавіта пра нумар “як будзе, так і бу­дзе”: “Ну, як мы выступілі?” Калі канкрэтна, гаворка ідзе пра нумар “Пёрачка”, які мы паказалі на абласным этапе “АРТ-вакацый”. Гэта філасофскі нумар. У кожным руху — свой сімвалізм. І кожнае дзіця гэты танец зразумела па-свойму.

* У нашым калектыве ўжо выпрацаваліся свае правілы-законы, па якіх мы жывём. Першае і галоўнае — ніхто не мае права абражаць іншага, гаварыць пасля выступлення, маўляў, я станцавала так класна, а ты “накасячыла”, сапсавала ўсю маліну і г.д. Паразы і ўдачы нашы дзеці перажываюць разам. Калі некаму нешта не ўдалося, значыць, гэта не ўдалося ўсяму ансамблю.

* Я не ўмею моцна хваліць удзельнікаў калектыву. Магчыма, у гэтым мая памылка. Але, з іншага боку, калі адна пахвала, дзеці перастаюць рэагаваць на крытычныя заўвагі.

* Сённяшняя моладзь зусім не такая, якой была яшчэ двац­цаць гадоў назад. Яна разняволеная. Падлеткі ўсімі шляхамі імкнуцца даказаць сваё “Я”. А ў той жа час іх перапаўняюць усемагчымыя ўнутраныя пратэсты. А яшчэ сённяшнія падлеткі, нягледзячы на ўсе іх гаджэты і знешнія “прыбамбоны”, вельмі датклівыя, псіхалагічна крохкія: скажаш якой дзяўчынцы, што яна не так павярнулася падчас танца — у яе крыўда адразу… І тады гэта трэба неяк згладжваць. Падлеткі — яны падлеткі. Для іх трэба быць найперш сябрам, таварышам, а недзе і мамай. Закон тут адзін: толькі калі ты будзеш цалкам адкрыты для навучэнцаў, яны пойдуць табе насустрач; а калі ў табе будзе дамініраваць адміністратар, яны замкнуцца.

*У мяне пакуль няма сваіх дзяцей. Але вакол мяне заўсёды мае выхаванцы, і я вакол іх. “Гэта мая творчая надзея”, — кажу я пра сваіх “тандэмаўцаў”.

 


Кіраўнік танцавальнага калектыву “Сучаснасць” Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Галіна Аляксееўна АПАЛОНІК:

* Я нарадзілася ў Калінінградзе — самай заходняй кропцы Расіі. Там прайшло маё дзяцінства і юнацтва. Там пахаваны мае бацькі. Там сёння жыве мая дачушка.

* Я танцавала з 5 гадоў у ансамблі “Бурштын” пры Калінінградскім палацы культуры “Бурштын”. Паступіла ў Мінскі інстытут культуры, скончыла яго ў 1981 годзе і трапіла па размеркаванні ў Навагрудак.

* Навагрудак стаў для мяне другой радзімай. Я вельмі добра памятаю 1981 год, калі не паспела зрабіць свой першы крок па навагрудскай зямлі, як мяне пасадзілі ў машыну і сталі катаць па Навагрудчыне ды паказваць усе дзівосы гэтай зямлі: рэшткі замка, музей Міцкевіча, возера Свіцязь. Адразу далі інтэрнат, потым — кватэру. Мне як быццам усе гаварылі: “Мы цябе нікуды адсюль не адпусцім”. Потым у мяне з’явіўся тут любімы муж, дзеці… Спачатку працавала ў мясцовым Палацы культуры, потым — у Палацы піянераў, дзе стварыла калектыў “Свіцязяначка”, а з 2000 года — у Навагрудскім дзяржаўным аграрным каледжы. Мяне з першага погляду паланіла там усё: калектыў педагогаў — апантаных і творчых людзей, навучэнцаў, якія вельмі хацелі займацца танцамі, а таксама шыкоўная сцэна, шыкоўная апаратура, шыкоўная касцюмерная… Пытанняў у мяне проста не было — я тут буду працаваць.

 Я ўлюбілася ў беларусаў усёй душой. Я, можна сказаць, урасла ў Навагрудак. Хаця выдатна разумею, што мая радзіма — гэта ўсё-такі Калінінград. Ліпень і жнівень я сілкуюся Калінінградам, а бліжэй да 1 верасня, нібыта школьнік, пачынаю трызніць Навагрудкам: калі ж нарэшце пачнецца навучальны год… І ўсё пачынаецца з самага пачатку.

* Для мяне гэта была абсалютна незнаёмая практыка — працаваць з навучэнцамі каледжа. Да гэтага ў мяне былі ўдзельнікі калектыву меншага ўзросту, дарослы калектыў, а падлеткі былі ўпершыню. І я адразу зразумела сваю задачу: трэба зрабіць так, каб яны з асалодай і карысцю бавілі свой вольны час. Трэба было знайсці рэжым працы, і я яго знайшла.

* З самага першага года ўдзельнікі майго калектыву танцавалі так здорава! Хаця сапраўдны поспех прыйшоў да нас толькі праз гадоў дзесяць — на “АРТ-вакацыях”: у 2011 годзе мы першыя, у 2013 годзе мы першыя, у 2015 годзе мы першыя. І цяпер, у 2017 годзе, мой калектыў “Сучаснасць” ідзе на рэспубліку!

* Я працую ў камандзе разам з намеснікам дырэктара па выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце Наталляй Анатольеўнай Еўдакімавай і спецыялістам па вакале Людмілай Антонаўнай Букрэй. Калі на сцэну выходзяць 32 навучэнцы нашага каледжа і прыгожа разводзяць сцягі — гэта наша сумесная праца. Асобны дзякуй нашаму дырэктару Андрэю Пятровічу Сусле, дзякуючы якому мы нядаўна набылі шыкоўныя касцюмы.

* Летась я выпусціла 4 курс — вельмі моцныя былі выканаўцы. Баялася, што сёлета нікога не знайду. Але дарма баялася! Знай­шла. Сёння ў мяне на 90 працэнтаў першакурснікі, з 4 курса толькі два хлопчыкі і з 2 курса адзін.

* Мяне вельмі радуюць мае першакурснікі. Яны такія рабацягі! “Парабіце прысядкі, парабіце хлапушкі!” — толькі ім скажаш, як яны адразу пачынаюць усё рабіць: прысядаюць, пляскаюць, расцяжкі, адбівачкі, кручэнні робяць. Гэта ім самім у задавальненне. Тут слова “трэба” нават нельга казаць.

* Навучэнцам вельмі падабаецца танцаваць гульнявыя танцы, асабліва спаборніцкія, калі на сцэну выходзяць першакурснікі і чацвёртакурснікі. Атрымліваецца сапраўдны батл. Але гэты батл заканчваецца тым, што прыгажунькі з 1 курса падыходзяць да суровых чацвёртакурснікаў і… улюбляюцца ў іх. Любоў, дружба, творчасць — гэтым заканчваюцца нашы батлы.

* Я шчыра скажу: я педагог савецкіх часоў. У інстытуце культуры мяне вучылі найперш народным танцам, і сваіх выхаванцаў я найперш вучу народным танцам. Я люблю і ведаю сучасны танец, але выйгрышным на конкурсах лічу менавіта народны танец. Шкада, што ўсё менш і менш педагогаў, якія яго выкладаюць.

* Са сваёй педагагічнай практыкі магу зрабіць выснову: выхаванне любові да радзімы, адчуванне народных каранёў даецца праз народны танец і яго энергію. Народны танец дэманструе юнацкую сілу і моц так, як і сучасны танец. Таму я кажу сваім хлопцам: “Займайцеся народным танцам — тады і ў сучаснай харэаграфіі ў вас усё атрымаецца”.

* Я любіла, люблю і буду любіць толькі народны танец. І ставіць буду толькі народнае. Я ведаю і люблю сучасны танец, але мой канёк — народнае. І як задачу кіраўніка калектыву бачу ў тым — хай гэта будзе прамоўлена занадта гучна, — каб унесці ў масы народныя танцы. Я хачу, каб наша моладзь ведала, што такое, напрыклад, беларуская полька. Сваім навучэнцам, як толькі яны да мяне прыходзяць на 1 курсе, так і гавару: “Я разумею, што вы не будзеце харэографамі. Вы бу­дзеце аграномамі, будаўнікамі. Але мне вельмі хочацца, каб на дзень нараджэння мамы ці таты вы выйшлі і станцавалі беларускую польку з цёткай або дзядзькам”.

* Мне сорамна будзе, калі нехта з маіх выхаванцаў не зможа станцаваць польку ці вальс. І не трэба там нейкіх выкідонаў! Трэба проста любіць і ўмець, як любяць і ўмеюць гэта тыя ж грузіны.

* Мы часта ездзім на гастролі. Прыехалі не так даўно на фестываль танца ў Дрэздэн: усё зыркае, мільгаціць, блішчыць… А выйшлі мы, станцавалі нашы народныя “Зімовыя забавы” — і ўсё замерла ў вечнасці. І мы па выніках першыя.

* Мне вельмі падабаюцца прафесійныя калектывы кшталту “Харошак” Валянціны Гаявой, Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі Валянціна Дудкевіча. Але, калі пакласці руку на сэрца, мне больш падабаюцца самадзейныя калектывы “Крупіцкія музыкі”, “Свята”, “Бяседа”… Я адчуваю, што са сваёй “Сучаснасцю” я займаюся прыблізна адной справай.

* Я вельмі люблю беларускі аўтэнтычны танец, заўсёды з асалодай назіраю за тым, што робіць Мікола Козенка на “Берагіні”. Адчуваю, што мне тут нечага яшчэ не хапае. Адчуваю, што беларускі народны танец — гэта вельмі глыбокі калодзеж… Калі апынаюся на раздарожжы з выбарам рэпертуару, міжволі хапаюся за зборнік Юліі Чурко.

* З кожным новым танцавальным нумарам ты перажываеш новае жыццё. Раз на раз не прыходзіцца. Іншым разам бачыш, што хлопец ідзе як бы ў нацяжку, як бы не хочучы… А другі раз, наадварот, вока толькі радуецца: сталі хлопчыкі і дзяўчынкі ў радок — і тут жа пабеглі разам з такім імпэтам, з такім запалам! Як быццам бы сваё “Ваў!” сказалі! Па рэпетыцыях відаць, бу­дзе нумар ці не.

* Да мяне прыходзяць розныя дзеці: з розных сем’яў, з розных традыцый, з розных вёсак і нават гарадоў (у мяне ёсць навучэнцы не толькі з Навагрудка, але і з Ліды, Баранавіч). Але іх яднае адно — тое, што яны ўсе маладыя і прыгожыя. З першых заняткаў я імкнуся да таго, каб яны адчулі калектыў. Вось толькі яны ўбачылі адно аднаго на першых занятках — абышлі вакол адно аднаго, не ўзяўшыся нават за рукі; на другіх занятках яны ўжо бяруць адно аднаго за руку і проста ходзяць; на трэціх занятках яны становяцца ў кола, і я кажу: “Дзяўчынкі, перайдзіце, калі ласка, да хлопчыкаў і запрасіце іх на танец”. А потым яны мяняюцца парамі. А яшчэ потым хлопчыкі павінны прысесці, пакуль дзяўчынкі будуць хадзіць вакол іх… Я, можа быць, кажу вельмі сумбурна, але факт застаецца фактам: гэта 9 клас, многія дзяўчаты (і тым больш хлопчыкі) ніколі не трымалі да гэтага хлопчыка ці дзяўчынку за руку, а тут яны робяць гэта ўпершыню і прыгожа. А потым пасля заняткаў прыхо­дзіць дзяўчынка ў інтэрнат: “Ой, дзеўкі, я сёння хадзіла на “Сучаснасць”, там такія хлопцы!” А хлопец, канечне, прамаўчыць. Але ж у душы нейкая дзяўчынка стане яму сімпатычнай. Няхай яна адна з дваццаці ці трыццаці дзяўчынак. Дзеля яе адной ён прыйдзе на наступныя заняткі.

* У снежні, праз чатыры месяцы пасля першых заняткаў, мы збіраем бацькоўскі сход. А перад гэтым, як правіла, даём канцэрт. Слёзы адной мамы да гэтага ў мяне стаяць перад вачамі. Яна прыйшла пасля канцэрта да мяне ў грымёрку: “Дзякуй вам вялікі! Ён ніколі ў жыцці не танцаваў. Толькі градкі палоў ды на веласіпедзе гойсаў. Дзякуй вам вялікі за тое, што адкрылі майму хлопчыку свет прыгажосці!” І гэта была не адна такая мама. Для мяне гэта самы лепшы паказчык таго, што мая праца некаму патрэбна. Калі мама бачыць дзіця такім, якім ніколі не бачыла, — гэта дарагога варта.

* Цяпер нават не ўяўляю свайго жыцця без “АРТ-вакацый”. Узялі неяк планку, потым пацвердзілі яе яшчэ некалькі разоў. Як жа без гэтага далей жыць? Гэта вельмі спецыфічнае адчуванне, калі на цябе глядзяць, калі ад цябе чакаюць. Гэта, можа быць, яшчэ савецкае ўсведамленне, але яно ўнутры мяне: ад мяне чакаюць — і я павінна зрабіць. Гэта мяне заводзіць, гэта мяне зараджае, гэта мяне натхняе.

Мікола ЧЭМЕР.

Мы наўмысна не публікуем словы ўдзель­нікаў калектываў, таму што іх па­дзяка сваім кіраўнікам — гэта іх жа высокія вынікі, гэта іх яскравыя вочы і захапленне падчас выступлення. Усё гэта мы пабачым на новых “АРТ- вакацыях” у гэтым годзе, якія застануцца ў сэрцах як светлы і радасны ўспамін пра бесклапотнае, цікавае і шчаслівае творчае юнацтва.

Источник: Настаўніцкая газета

Прочитано 512 раз

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены