Четверг, 02 Июнь 2016 07:47

«Галерэя творцаў»: Гродзенскі прафесійны тэхналагічны каледж

Адзін каледж, адна каманда, адна сям’я.

 Гродна

Гэта ўсё ж самы дзіўны, незвычайны горад на ўсю Беларусь.

Ён самы беларускі.

Стаіш перад Каложай — і плачаш.

І забываеш, што ў цябе ёсць трынаццацігадовая дачка Мілена, што ў цябе ёсць трыццацівасьмігадовая жонка Вольга, што ў цябе ёсць амаль тысячагадовы брат Мінск…

А потым раптам успамінаеш, што ў цябе ёсць трынаццацігадовая дачка Мілена, што ў цябе ёсць трыццацівасьмігадовая жонка Вольга, амаль тысячагадовы брат Мінск… але ёсць і яны — брат Гродна і сястра-княжна Каложа. І што гэта ўсё — твая Беларусь. Тваё сэрца і твая душа. Твая царква, дзе ты можаш маліцца.

Каложа — гэта царква на беразе Нёмана. Праваслаўная. Пабудаваная з цэглы яшчэ ў ХІІ стагоддзі ў гонар святых братоў Барыса і Глеба. Цудам захаваная царква. Самая старажытная ў Беларусі.
Прыехаўшы ў Гродна ў службовую камандзіроўку, я пайшоў адразу да Каложы. Я не мог не зрабіць гэтага.

А потым паехаў у Гродзенскі прафесійны тэхналагічны каледж, дзе ёсць тэатр песні і танца “Новае пакаленне”, які стаў, дзякуючы сваёй агітбрыгадзе, пераможцам Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай моладзі “АРТ-вакацыі” ў намінацыі “Музычны тэатр (Агітбрыгада)”.

Зрэшты, і там, у каледжы, я таксама маліўся. Новаму пакаленню. Бачыў Каложу і ў яго сэрцы, і ў сэрцах дырэктара і выкладчыкаў каледжа, дзякуючы якім расце таленавітае новае пакаленне.

Каледж

Не так даўно, у ліпені мінулага года, у нашай газеце друкаваўся змястоўны матэрыял пра Гродзенскі прафесійны тэхналагічны каледж нашага спецыяльнага карэспандэнта з Гродзеншчыны Надзеі Вашкелевіч. Але гэтая ўстанова прафесійна-тэхнічнай адукацыі заслугоўвае таго, каб пра яе ўзгадваць зноў і зноў. Бо гэта — гордасць Гродна і ўсяго беларускага прафтэха. Чытач неўзабаве пераканаецца ў справядлівасці гэтых маіх слоў.

“Наш каледж утварыўся ў 2007 годзе ў выніку зліцця Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа хімічнай прамысловасці і Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага вучылішча № 225 гандлю, — гаворыць дырэктар Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа Леанід Іосіфавіч Бялей. — Такім чынам, фактычна мы прайшлі аптымізацыю яшчэ задоўга да таго, як пра яе пачалі актыўна гаварыць. Так, было няпроста. На аснове двух ранейшых калектываў утварыўся адзін, а значыць — адзіная матэрыяльная база, адзіныя ўмовы навучання і выхавання навучэнцаў. Мы сапраўды імкнёмся да таго, каб маладыя людзі, якія да нас паступаюць, не толькі набылі спецыяльнасць, але і сталі ўсебакова развітымі людзьмі — і што тычыцца спорту, і што тычыцца мастацкай творчасці самых розных кірункаў”.

З гэтымі словамі дырэктара не паспрачаешся. Па прафесійным рэйтынгу, г.зн. па якасці кадраў, якія тут рыхтуюцца, Гродзенскі прафесійны тэхналагічны каледж ужо другі год запар займае 2-е месца ў вобласці сярод устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Што ж тычыцца іншых сфер жыцця, то, акрамя перамогі на “АРТ-вакацыях”, навучэнцы каледжа выдатна зарэкамендавалі сябе ў спорце, у прыватнасці, валейболе. Спорт у гэтай установе наогул асобны артыкул. Не кожны прафтэхкаледж пахваліцца наяўнасцю сваіх стадыёна і спартыўнай залы, асобнай фітнес-залы, мужчынскай трэнажорнай залы, тэніснай залы з 5-цю тэніснымі сталамі… А неўзабаве, калі скончыцца рэканструкцыя другога корпуса каледжа, у распараджэнні навучэнцаў будзе яшчэ і цудоўная прасторная танцавальная зала.

Ёсць у каледжа і свой — не маленькі — інтэрнат. Леанід Іосіфавіч Бялей з гордасцю адзначае, што, калі ў 2015 годзе ў Гродне праходзіў чэмпіянат свету па пажарна-выратавальным спорце, у інтэрнаце каледжа пражывалі чэхі, харваты, літоўцы і паўднёва-карэйцы. А падчас фестывалю нацыянальных культур, які штогод праводзіцца ў Гродне ў пачатку чэрвеня, у інтэрнаце жылі прадстаўнікі нямецкай, венесуэльскай дыяспар. Калі б там былі дрэнныя ўмовы, такіх гасцей ніхто б там не рассяліў.

Нядаўна ў жыцці Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа здарылася падзея, якая, несумненна, будзе ўпісана залатымі літарамі ў летапіс гэтай установы.

Злата шакаладу

Трэцякурсніца каледжа Злата Шпак стала абсалютнай пераможцай у юніёрскай намінацыі “Лепшы выраб з шакаладу” на адкрытым расійскім конкурсе кандытарскага майстэрства, які прайшоў у Маскве ў рамках ХХІІ Міжнароднай выставы Modern Bakery Moscow. Ідэю стварыць незвычайную шакаладную кампазіцыю дзяўчыне падказала яе любімая меладрама “Ён дракон”. “Там расказваецца пра чыстыя пачуцці і цёмныя сілы. Вось і мая кампазіцыя — пра гэта ж”, — гаворыць Злата. На думку шакалацье з Германіі, які ўзначальваў журы конкурсу, Злата выдатна вытрымала ўсе конкурсныя ўмовы, літаральна зачаравала ўсіх сваёй засяроджанасцю, акуратнасцю і натхнёнасцю.

Злату цяпер чакае стажыроўка ў маскоўскім прадстаўніцтве Швейцарскай акадэміі шакаладу Barry Callebaut. Кошт такіх грантаў вагаецца ў межах 60—100 тысяч еўра.

Дарэчы, дарэчы, дарэчы! Злата Шпак — удзельніца агітбрыгады з тэатра песні і танца “Новае пакаленне”, якая стала пераможцай на “АРТ-вакацыях”.

Дырэктар

Але ж вернемся да дырэктара Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа Леаніда Іосіфавіча Бялея. “Мы рыхтуем спецыялістаў такіх прафесій, як таваразнавец, прадавец-касір, кухар-кандытар, тэхнолаг грамадскага харчавання, афіцыянт-бармен і інш., — гаворыць мой суразмоўца. — Тут, безумоўна, патрабуецца высокая культура, уменне кантактаваць з людзьмі. І ў гэтым нашым навучэнцам вельмі дапамагае сцэна. Яна выхоўвае іх і як спецыялістаў, і як артыстаў, і проста як людзей з актыўнай грама-дзянскай пазіцыяй. На гэта мы ніколі не шкадуем грошай!”

“А ці не маглі б вы згадаць самую цікавую, самую творчую традыцыю, якая існуе ў вашым каледжы?” — пытаюся ў Леаніда Іосіфавіча.

“Ёсць такая! — адказвае мой суразмоўца. — Кожны год 1 верасня мы праводзім свята ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры. Збіраемся там усёй нашай вялікай сям’ёй у 800 чалавек, падводзім вынікі, узнагароджваем лепшых навучэнцаў і педагогаў і, безумоўна, танцуем, спяваем на сцэне… Выступаюць і прафесійныя артысты з самога тэатра, з нашай абласной філармоніі. Ведаеце, наколькі важна гэта?! Уявіце: паступіў да нас 14-гадовы юнак з вёскі з-пад Гродна. Ён нават не ведае, як прабіць талончык у тралейбусе. А тут 1 верасня ён трапляе ў драмтэатр! І вучоба ў каледжы адразу пачынае ў яго асацыіравацца з культурай…”

З гэтымі словамі Леанід Іосіфавіч запрашае мяне прайсціся па каледжы. Ён расказвае, што ва ўстанове на дзённым аддзяленні вучыцца 651 навучэнец. Разам з завочнікамі — каля 800. ГПТК — другі ў вобласці па колькасці навучэнцаў. З іх дзяўчат — прыблізна 65 працэнтаў, хлопцаў — каля 35. З любоўю паказвае аўдыторыі, лабараторыі, спартыўныя залы. Са слоў майго суразмоўцы становіцца зразумела, што адміністрацыя каледжа робіць вялікія стаўкі на новы корпус, у якім сёння адбываецца рэканструкцыя. У прыватнасці, там знойдуць сваё месца кулінарная лабараторыя і кандытарскі цэх, дзе будзе наладжана вытворчасць.

І раптам у адной з аўдыторый дырэктар пытаецца ў мяне: “Як вы думаеце, калі ў нас апошні раз рамонт рабіўся?”

Прыглядаюся да партаў, сцен, класнай дошкі. Адказваю: “Ну, можа, месяц назад…” Чую ў адказ: “У 2007 годзе, калі і быў створаны наш каледж”.

“А ведаеце, чаму дзеці не пішуць на партах? — працягвае гутарку Леанід Іосіфавіч. — Таму што яны тут гаспадары. Мы гэтае адчуванне прывіваем ім з самага першага дня вучобы. І яны пачынаюць даражыць сваёй навучальнай установай”.

Неўзабаве даведваюся ад свайго суразмоўцы некаторыя адметныя факты з яго асабістай біяграфіі: ён, дырэктар прафтэхкаледжа, закончыў у свой час дзіцячую музычную школу па класе баяна, а потым гістарычны (!) факультэт БДУ, узначальваў у савецкі час камсамольскую арганізацыю ў каледжы, тады яшчэ ПТВ, потым стаў намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце, пазней дырэктарам. Спяваў у хоры выкладчыкаў каледжа.

Разумею ўрэшце, чаму ў Гродзенскім прафесійным тэхналагічным каледжы з культурай усё ў парадку.

Агітбрыгада: з гісторыі пытання

Першыя агітацыйныя брыгады з’явіліся ў Савецкім Саюзе на досвітку савецкай улады. Адразу ж было зразумела, што гэта адмысловы жанр. Не тэатр, не эстрадны ці танцавальны калектыў, а нешта абсалютна іншае, дзе спалучаецца ўсё: і тэксты “речёвок”, і песня, і танец, і проста… харызма людзей, якія выходзяць на сцэну. “Вялікая Савецкая энцыклапедыя” тлумачыць, што агітбрыгады з’явіліся ў першыя гады пасля Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі для абслугоўвання франтоў грамадзянскай вайны. З канца 20-х гадоў яны атрымалі масавае распаўсюджванне на будоўлях, вытворчасцях…

Самай вядомай у гісторыі савецкіх агітбрыгад варта лічыць творчы калектыў “Сіняя блуза”, які існаваў з пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя да 1933 года. Сваю назву ён атрымаў дзякуючы адзенню — свабоднай сіняй блузе і чорным штанам (або чорнай спадніцы). У “Сіняй блузы” былі тысячы паслядоўнікаў па ўсім Савецкім Саюзе. Адзін з самых вядомых слоганаў “сіняблузнікаў”: “Мы, синеблузники, мы профсоюзники. Нам всё известно обо всём! И вдоль по миру свою сатиру, как факел огненный, несём!”

Перыядам наступнага ўзлёту папулярнасці жанру агітбрыгады стала Вялікая Айчынная вайна, калі яны атрымалі гордую назву франтавых брыгад. Гэтыя франтавыя агітбрыгады, сапраўды, унеслі значны ўклад у Вялікую Перамогу. Песні, аўтарскія перапевы вядомых песень, скетчы, аднаактныя камедыі, дуэты з аперэт, фельетоны, салдацкія анекдоты — усё гэта цешыла дух нашых салдат, бадзёрыла іх, натхняла на перамогу над ворагам.

Пасля вайны агітбрыгады перакваліфікаваліся ў так званыя агіттэатры. У 70-я і першую палову 80-х гадоў іх асноўнай місіяй стала несці пазітыўны матэрыял у масы — галоўным чынам адносна вялікіх будоўляў СССР: нафтаправоду “Дружба”, Байкала-Амурскай магістралі, Брацкай ГЭС і інш.

У 90-я гады мінулага стагоддзя жанр агітбрыгады ледзьве не загінуў. Але адрадзіўся неўзабаве ў рамках руху Клуба вясёлых і знаходлівых. Менавіта дзякуючы агітбрыгадам першых савецкіх гадоў мы пазнаём і ў сённяшніх перадачах КВЗ гэтую “лінейку”. Калі на сцэне стаяць 10—15 маладых людзей і звяртаюцца да залы, утвараючы адзін вобраз.

Сёння агітбрыгады адраджаюцца. Галоўным чынам ва ўстановах адукацыі.

Жаночыя галасы

У каледжы працуюць тры мастацкія калектывы: гурток эстрадных спеваў, гурток тэатральных мініяцюр і танцавальная група “Запал”. На базе гэтых калектываў у свой час быў створаны тэатр песні і танца “Новае пакаленне”, а ўжо з яго шэрагаў выйшла агітбрыгада, якая і стала пераможцай Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнскай моладзі “АРТ-вакацыі” ў намінацыі “Музычны тэатр (Агітбрыгада)”. Усяго ў фестывальных нумарах было задзейнічана 15 навучэнцаў каледжа, некаторыя з іх на сённяшні дзень ужо выпускнікі.

Рэй у тэатры песні і танца “Новае пакаленне” вядуць тры прыгожыя жанчыны: кіраўнік калектыву, сцэнарыст, педагог-арганізатар Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа Вольга Міхайлаўна Баран, харэограф і ўдзельніца знакамітага гродзенскага ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы” Вольга Аляксандраўна Мілюціна і рэжысёр кіраўнік навучэнскага прафкамітэта каледжа Надзея Юр’еўна Залозная.
Дадзім ім слова.

Вольга Міхайлаўна Баран: “У нас няма такога, каб адзін нехта канкрэтна адказваў за святло, другі — за музыку і г.д. У нас неяк так прынята, што мы працуем усе разам, як таго і вымагае жанр агітбрыгады. Мы працуем адной камандай”.

Надзея Юр’еўна Залозная: “Кожны дзень у нас нешта новае. Мы шукаем гэтае новае на кожнай рэпетыцыі. Тэксты нашых выступленняў быццам гатовыя, але мы заўсёды ўносім у іх нейкія карэктывы, каб не надакучыць гледачу і заўсёды па-новаму расказаць пра наш каледж, пра нашы прафесіі. І гэта, безумоўна, не кажучы пра танцавальныя рухі, спосабы выхаду на сцэну, пастаянныя пераапрананні”.

Вольга Міхайлаўна Баран: “У нас даўно ўжо няма праблемы з наборам навучэнцаў у наш тэатр песні і танца. І галоўная наша падтрымка тут — гэта Дзень ведаў, які штогод праводзіцца ў Гродзенскім драмтэатры. Першакурснікі ўжо ў самы першы дзень вучобы бачаць, на што здольныя навучэнцы каледжа, і самі, без ніякіх заахвочванняў, запісваюцца да нас”.

Надзея Юр’еўна Залозная: “Яны жывуць адной камандай не толькі на сцэне, але ўвогуле па жыцці. Адна наша выпускніца Каця Чаплікас, якая паехала працаваць прадаўцом у Мінск, а сама яна родам са Слоніма, надоечы прыехала спецыяльна ў Гродна перад нашым чарговым канцэртам. “Я па вас засумавала там, у Мінску… Можна, я выйду з вамі на сцэну?”

Вольга Міхайлаўна Баран: “А калі ў іх няма магчымасці прыехаць непасрэдна да нас, яны пастаянна жывуць разам у “УКантакце”, “Аднакласніках”. Гэта, сапраўды, адна каманда, нават адна сям’я. Яны адзін за аднаго. І, я думаю, іх так згуртавала менавіта калектыўная творчасць у тэатры песні і танца “Новае пакаленне”.

Надзея Юр’еўна Залозная: “Для нас наша агітбрыгада наогул вельмі важная ў плане культурнага выхавання нашых навучэнцаў. Мы ж не толькі займаемся прафарыентацыйнай творчасцю, прапагандай нашага каледжа, але і з тытунём, алкаголем, СНІДам змагаемся… А яшчэ змагаемся за светлае шчырае каханне, якое бывае ў юнацтве і маладосці”.
Вольга Міхайлаўна Баран: “Наша любімае слова ў пастаноўцы нумароў — дынаміка. Гэта карцінка, якая пастаянна мяняецца на сцэне. Спачатку выходзім у майках з лагатыпам каледжа, потым — у форме прадаўцоў, потым — афіцыянтаў і г.д. І за 10—12 хвілін мы расказваем пра нашы прафесіі, пра гісторыю каледжа, пра ўсю нашу сістэму прафадукацыі”.

Надзея Юр’еўна Залозная: “У гэтым годзе мы пайшлі на такі смелы эксперымент. Уставілі ў наша выступленне агітбрыгады сцэнку з бабай і дзедам, якія прыйшлі ў рэстаран. Яны там так разняволіліся! Нават танцаваць пачалі! А гэта ж быў проста наш прафесійны ход — аздобіць нумары беларускім фальклорам”.

“Давайце адарвём ёй нагу…”

Надзея Юр’еўна Залозная: “Мне ў кайф выходзіць разам з дзецьмі на сцэну. І калі нехта там робіць не тое, напрыклад, забывае тэкст, я на сцэне ўсім ціхенька кажу: “Давайце адарвём каму-небудзь руку!” А потым чую, як яны кажуць паміж сабой: “Давайце адарвём яму нагу!” Цяпер яны іншым разам кажуць ужо ў звычайным жыцці адно аднаму: “Давай адарвём ёй (ці яму) нагу…” А бывае і так: “Давайце Надзеі Юр’еўне адарвём нагу!” Гэта нармальна. Гэта нікога не прыніжае, гэта як наш сямейны жарт… Для мяне гэта лепшая ўзнагарода”.

Вольга Міхайлаўна Баран: “Самая вялікая мая радасць — нашы дзеці, навучэнцы каледжа. Калі яны ўсе здаровыя, калі яны ўсе на сцэне разам”.

Надзея Юр’еўна Залозная: “Мяне па жыцці таксама натхняюць дзеці… Але прызнаюся шчыра: калі нашы трэцякурснікі сыходзяць з каледжа, мне вельмі цяжка прымаць першакурснікаў… Я нават іншым разам эмацыянальна кажу Вользе Міхайлаўне: “З гэтага нічога не атрымаецца! Яго нельга браць у калектыў!” Я, сапраўды, успрымаю “гэтага” ў штыкі. Прыдзіраюся, моцна прыдзіраюся: там не з той нагі выйшаў, не так махнуў сцягам… У самой жа за спінай — 5 гадоў вучобы на тэатральным аддзяленні ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў. А Вольга Міхайлаўна мяне ўгаворвае: “А давай усё-такі яго возьмем! Усё з яго атрымаецца, пабачыш!” І мы бяром. І “гэты” праз месяц становіцца маім любімым выхаванцам… Я заўсёды з дзяўчатамі і хлопцамі за кулісамі. Дапамагчы пераапрануцца, заплесці касу, сцяг вынесці — вось мой клопат. І наш дэвіз па жыцці: “Дзеці, бяжым!” А калі мы выступалі ў Маладзечне на свяце сістэмы прафесійна-тэхнічнай адукацыі, мы не знайшлі ўваходу на сцэну, бо павінны былі выходзіць туды не з вуліцы, а з-за куліс. А мы ж павінны былі выходзіць са сцягамі ў фінальным нумары… “Дзеці, бяжым! Дзеці, бяжым! Дзеці, бяжым!” — я некалькі разоў крычала нашым навучэнцам. І ў самы апошні момант мы трапілі на сцэну”.

Яшчэ раз пра агітбрыгаду, але ўжо з першых вуснаў

Крыху пазней да нашай гутаркі далучылася харэограф тэатра песні і танца “Новае пакаленне”, дзеючая артыстка гродзенскага ансамбля танца, музыкі і песні “Белыя росы”, галоўны рэпетытар балетнай групы гэтага калектыву Вольга Аляксандраўна Мілюціна: “Агітбрыгада — гэта сінтэтычны жанр, які аб’ядноўвае ў сабе і тэатральнае мастацтва, і мастацтва чытальнікаў, і мастацтва сцэнічных рухаў. Я па сваім дзяцінстве памятаю гэты жанр і сёння выкарыстоўваю тыя прыёмы, якім нас вучылі ў савецкі час нашы педагогі. Калі коратка, гэта заклік да нечага… Тое, чаго не хапае ў сённяшнім свеце. Сёння ж, пагадзіцеся, ніхто нікога нікуды не заклікае. Усім усё фіялетава. Жыццё нашых дзяцей абмежавана гэтым трохкутнікам: камп’ютар, кампанія і крыху асабістага. А ў агітбрыгадзе галоўнае — заклік.

У прынцыпе, займаючыся з дзецьмі ў нашай агітбрыгадзе, мы вяртаемся да таго, ад чаго некалі сышлі. Наш творчы калектыў дазваляе нам не проста нешта сказаць маладым людзям, а пераканаць іх у нечым. Больш ярка данесці да новага пакалення словы пра тое, што Гродзенскі прафесійны тэхналагічны каледж — гэта крута, што быць афіцыянтам ці кухарам — гэта таксама крута… Хай гэта гучна сказана, але сэнс менавіта ў гэтым. І поспех агітбрыгады — у яе даступнасці гледачу, у яе даходлівасці.
Мяне як харэографа гэтая даходлівасць найбольш і прываблівае ў гэтым жанры. Калі ў чыстай харэаграфіі ці ў чыстай эстрадзе складана выявіць тэму, напрыклад, барацьбы са СНІДам, то ў агітбрыгадным жанры ты спакойна бярэш любую тэматыку і развіваеш яе, як можаш і хочаш. І ты бачыш, як на тваіх вачах раскрываецца творчая актыўнасць падлетка. Кожны ў агітбрыгадзе сябе знаходзіць: нехта надзелены слыхам, яшчэ нехта — голасам, а яшчэ нехта — рухам… А яшчэ нехта надзелены і адным, і другім, і трэцім. Чаму ўсё вышэйзгаданае не адкрыць у чалавеку? Гэта якраз дазваляе агітбрыгада.

Скажу нават больш: я ведаю хлопцаў, якія спачатку ўвогуле ніяк не рухаліся, але потым неяк навучыліся штосьці падхопліваць, і сёння яны — у першых шэрагах агітбрыгады…

У маім асабістым жыцці работа з агітбрыгадай каледжа стала таксама сімвалічным момантам. Гэта для мяне менавіта педагогіка. Бо разумею, што ў мяне, хоць я яшчэ танцую ў ансамблі “Белыя росы”, усё роўна надыдзе некалі момант, калі перастану танцаваць на сцэне і буду дзяліцца вопытам з маладым пакаленнем. Агітбрыгада ўжо сёння для мяне такая магчымасць. І, шчыра кажучы, такі мікс тэатра, паэзіі і танца больш падабаецца, чым проста харэаграфія. Я адчуваю, што мне адкрываецца больш магчымасцей”.

Голас новага пакалення

Тэатр песні і танца “Новае пакаленне” Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа не заўсёды так называўся. Ён быў “Неспакойнымі сэрцамі”, “Гарадзенскімі ўмельцамі”… Але для прафесійнага каледжа гэта звычайная справа, калі юнакі і дзяўчаты вучацца тры гады, а пасля іх прыходзяць усё новыя і новыя. Аднойчы яны прыйшлі. У іх запыталі: “Хто вы?” І яны адказалі: “Мы новае пакаленне!”

Вераніка Ялоўчык, навучэнка 1 курса, будучы тэхнік-тэхнолаг: “Рыхтавацца да “АРТ-вакацый” было вельмі складана. Але мы хутка асвоіліся, і ўрэшце нам было вельмі весела, мы былі шчаслівыя тым, што рыхтуемся да ўдзелу ў гэтым фестывалі. А на самім фестывалі, асабліва падчас фіналу ў Маладзечне, мы проста плакалі ад эмоцый, ад таго, што мы пераможцы… А Вольга Міхайлаўна і Надзея Юр’еўна — гэта нашы самыя любімыя выкладчыцы ў каледжы. Яны заўсёды табе дапамогуць, падкажуць нешта, дадуць такую патрэбную табе параду. Яны як мамы нашы. Дзякуючы ім мы становімся больш моцнымі па жыцці”.

Улад Стасюкевіч, навучэнец 1 курса, будучы тэхнік-тэхнолаг: “Самы вялікі плюс ад такіх конкурсаў, як “АРТ-вакацыі”, — тое, што мы ўсе тут адчуваем сябе адной вялікай сям’ёй. Тут нараджаюцца нейкія жарты, нейкія сітуацыі, якія запамінаюцца вельмі надоўга. А мне асабіста было прыемна ўсім гэтым займацца, таму што гэта абсалютна новы вопыт у маім жыцці — новыя знаёмствы, новыя паездкі, новыя адчуванні”.

Карына Юргель, навучэнка 2 курса, будучы кухар-кандытар: “Я трапіла ў тэатр песні і танца “Новае пакаленне” на 1 курсе, калі ў каледжы праводзіўся конкурс “Алё, мы шукаем таленты!”. Я выйшла тады на сцэну і зайграла на скрыпцы, мяне заўважыла журы. Вельмі ўдзячна маім выкладчыкам. Гэтая творчасць так захапляе! Калі бачу, што некаторым маім сябрам цікавей проста недзе бадзяцца, а не прыйсці на рэпетыцыю, проста не разумею іх”.

Аляксандра Карач, навучэнка 2 курса, будучы кухар-кандытар: “Удзельнічаць у агітбрыгадзе пачала з 2 курса. А на 1 курсе толькі танцавала. Я да гэтага часу не магу забыць сваёй першай радасці, калі ўпершыню выйшла на сцэну ў складзе агітбрыгады… Памятаю, як мы моцна абдымаліся пасля таго, як пачулі, што сталі пераможцамі “АРТ-вакацый”. Так моцна, што ледзь не пазадушвалі адно аднаго. Гэта было шчасце”.

Алег Ігнатовіч, навучэнец 2 курса, будучы кухар-кандытар: “Трапіў у агітбрыгаду таксама з конкурсу “Алё, мы шукаем таленты!”. Мне адразу спадабалася, што сюды хутка прымаюць навічкоў, без розных цырымоній “пасвячэння ў ордэн”. Нашы педагогі ідэальныя. І жыццё наша ў агітбрыгадзе цудоўнае, вясёлае… Успамінаю выпадак: танцавала адна дзяўчына, а там ногі трэба было высока выкідваць. І раптам туфлік з яе нагі паляцеў у глыб сцэны! Як жа мы тады рагаталі…”

Замест заключэння

Не ведаю, ці ўдалося мне перадаць гэтае адчуванне чытачу, але ў мяне яно ўвесь час было, пакуль я размаўляў са сваімі рэспандэнтамі ў Гродзенскім прафесійным тэхналагічным каледжы: яго дырэктарам, намеснікамі, кіраўнікамі тэатра песні і танца “Новае пакаленне”, удзельнікамі гэтага творчага калектыву з ліку навучэнцаў. Гэта адзін каледж, адна каманда, адна сям’я.

А ў сям’і, па беларускай традыцыі, прынята любіць адно аднаго, шанаваць адно аднаго. Моцна абдымацца падчас гора і радасці.

Яны там, у Гродне, так і робяць.

Дзякуй богу, пакуль толькі падчас радасцяў.

Мікола ЧЭМЕР.
Фота аўтара і з архіва Гродзенскага прафесійнага тэхналагічнага каледжа.

Источник: Настаўніцкая газета

Прочитано 1268 раз

Оставить комментарий

Убедитесь, что вы вводите (*) необходимую информацию, где нужно
HTML-коды запрещены